Дзяржаўны
сцяг Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту
Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з
дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру ў
2/3 шырыні сцяга і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3.
Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага
колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні сцяга і
яго даўжыні – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў
залацісты (охра) колер.
Дзяржаўны сцяг пастаянна падняты на будынках органаў улады і некаторых
дзяржаўных устаноў, устанаўліваецца ў службовых кабінетах кіраўнікоў гэтых
органаў (устаноў), у школах, на выбарчых участках, вывешваецца ў час розных
урачыстых мерапрыемстваў.
Пры адначасовым падняцці або ўстанаўленні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь
і сцяга іншай дзяржавы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь павінен быць падняты
або ўстаноўлены з правага боку, а сцяг іншай дзяржавы – з левага, калі стаць
тварам да іх.
Грамадзяне могуць вывешваць Дзяржаўны сцяг як унутры, так і звонку памяшканняў
у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні. Пры гэтым
абавязковай умовай з'яўляецца захаванне павагі да Дзяржаўнага сцяга як сімвала
дзяржавы. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, выраблены ў настольным варыянце,
можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца арганізацыямі і
грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны сцяг, можна азнаёміцца ў
главе 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З "Аб
дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь".