Дзяржаўны
герб Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту
Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур
Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні
ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая
чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа
кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку
чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба
Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы "Рэспубліка
Беларусь".
Выява Дзяржаўнага герба размяшчаецца на будынках органаў улады і шэрагу
дзяржаўных устаноў, унутры службовых кабінетаў іх кіраўнікоў, а таксама на
пячатках гэтых органаў, на манетах, пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь. У
адрозненне ад Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўны герб мае больш афіцыйнае значэнне,
таму не прадугледжваецца магчымасць яго свабоднага выкарыстання грамадзянамі. У
прыватнасці, забараняецца яго размяшчэнне на візітных картках асоб, якія не
з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі.
Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і герба
адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі
Беларусь Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца з левага боку
ад іншага герба, калі стаць тварам да іх. Пры адначасовым размяшчэнні няцотнай
колькасці гербаў Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца ў
цэнтры, а пры размяшчэнні цотнай колькасці гербаў (больш за два) – злева ад
цэнтра.
Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны герб, і існуючымі
абмежаваннямі можна азнаёміцца ў главе 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня
2004 г. №301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь".